Так ужо склалася, што праз пару дзён я сыходжу ў войска. Я зараз канешне ўтрырую, але гэта нечым нагадвае навіну пра хуткую смерць (як гэта здараецца ў жыццесцвярджальных фільмах). Разумееш што часу засталося мала і трэба паспець зрабіць усё тое, што адкладаў шмат месяцаў. Адной з такіх задач было падарожжа ў Косаўскі замак, унікальны помнік неагатычнай архітэктуры 19 стагоддзя. Вандалін Пуслоўскі – буйны прамысловец і аматар мастацтваў. Менавіта ён у 1838 годзе пачаў у Косава будаванне раскошнага палаца. Нажаль вайны дрэнна адбіваюцца на архітэктуры, косаўскі замак не выключэнне.

 

     Не збіраюся ператвараць гэту нататку ва ўрок гісторыі, але для поўнасці карціны трэба ўзгадаць яшчэ пра аднаго гістарычнага дзеяча — Тадэуше Касцюшку. Нацыянальны герой Польшчы, Амерыкі (сябрук таго мужыка, з 100 купюры) ганаровы грамадзянін Францыі, чалавек які прысвяціў усё жыццё змаганню за волю на розных кантынентах. Але што самае галоўнае для нас: падняў паўстанне адначасна супраць Расійскай,Прускай і Аўстра-вугорскай імперый, спрабуючы спыніць падзелы Рэчы Паспалітай. Помнікі гэтаму выбітнаму чалавеку ёсць у многіх краінах, але неяк так выйшла, што на радзіме (Івацэвіцкі раён) помніка не было, наагул у Беларусі такога помніка не было, а музей якраз такі знаходзіцца каля Косаўскага замка.

     Добра, вернемся ў сучаснасць, выправіць гэту гістарычную несправядлівасць дзяржаве было не цікава, бо да БССР нічога не было. Затое было цікава людзям. Праз інтэрнэт сабралі грошы на помнік і 12 траўня,  а 12 гадзіны было прызначана адкрыццё. Мой сыход у войска, адкрыццё помніка, усё сышлося і мы з Толікам паехалі.

     Адразу скажу, што мы не прафесійныя вандроўнікі, адсутнасць досведу адбілася з першых хвілін, з 3 маршрутаў мы выбралі самы дурны, але пра ўсё па парадку.

     Выехалі мы з гарады Баранавічы ў 6:20. Гэта самы спрыяльны час для язды. Крыху халаднавата, затое сонца не паліць, машын амаль няма, свежае паветра і цішыня. Ехаць прыемна, ты поўны сіл (хоць у мяне пабольвала правае калена), з надзеяй глядзіш у будучыню, а па баках палі, лясы, прыгажосць!

     Першыя дробныя праблемы пачаліся ў 17 кіламетрах ад гораду, спачатку ў мяне, а праз пару кіламетраў і ў Толіка, спаў ланцуг. Гэта быў трывожны званочак, які пасеяў у галаве думкі: можа час вяртаца, бо яшчэ не далёка ад’ехалі, бо я ведаю, што гэта такое, калі ланцуг спадае кожныя 5 хвілін Але я гляджу, што Толік не адчайваецца і назад не збіраецца, гэта мяне падбадзёрвае, усяляе аптымізм і мы едзем далей. (Магчыма ён таксама думаў пра тое, што трэба вяртаца). Пашчасціла, з ланцугамі праблем у нас больш не было.

     Галоўная праблема паўстала ў выяве жудаснай жвіровай дарогі на пад’ездзе да Слоніму (так-так, мы паехалі праз Слонім, кажу ж, мы так сабе навігатары) Калі я кажу: «Жудасная жвіроўка» я маю на ўвазе самую жудасную жвіровую дарогу, якую вы можаце сабе ўявіць: вялікія камяні, пасыпаныя пяском у перемешку з камянямі паменш. Там дзе нам не даводзілася ісці пешкі, хуткасць была такой маленькай, што кожны кіламетр адчуваўся за пяць. Я ўжо не кажу пра тое, як пакутавалі нашы ровары. Мой, пэўна, за дзень, састарэў на сезон.

 Настолькі, наколькі дрэнная была дарагая, была вялікая наша радасць, калі проста каля знака «Слонім» пачаўся выдатны асфальт, які можна паказваць прэзідэнту і прасіць павышэнне. Не даязджаючы да Слоніму, мы перакусілі дранікамі і з новымі сіламі рушылі ў дарогу. Ззаду ўжо прыкладна 60 км, наперадзе 40 і мы разумеем што калі дарога будзе нармальная мы яшчэ паспяваем да адкрыцця помніка.

 

Пасля Слоніму шляху назад не было, бо дахаты ехаць даўжэй чым да фінішу.

     Але тут дало пра сябе ведаць маё калена, часам яно так хварэла, што даводзілася круціць педалі адной нагой, але разуменне, што мы можам паспець надавала моц і мы ехалі…
Ехалі пакуль не ўбачылі знак, што гаворыць пра тое, што асфальт больш ня будзе. Тут у мяне ўнутры ўсё звалілася. Гэта былі самыя складаныя 20 кіламетраў. Дарога жудасная, сярэдзіна дня, таму было вельмі горача, калена ныла, ровар трашчаў як трактар, вада сканчалася. Мы ехалі моўчкі… я пра сябе паўтараў як я ненавіджу гэту жвіроўку. Як потым выявілася, Толік меркаваў прыкладна гэтак жа. Каб вы зразумелі наколькі была дрэнная дарога, у мяне болт на які мацуецца задні балотнік стаў выкручваецца і каб  яго не страціць, прыйшлося заляпіць жуйкай (спрацавала) Часам трапляліся «аазісы» у выглядзе вёсак, там быў асфальт, але як толькі сканчалася вёска, сканчаўся і ён. Пікам непрыемнасцяў у гэты дзень стаў момант, калі мы зразумелі, што ўжо нікуды не паспеем.

     Пасля гэтага справы паступова пайшлі на лад. Неяк даехалі да Косава, на гэтым марш-кідок скончыўся.
Мы праехалі 102 км за 6 гадзін 20 хвілін, думаю калі б увесь час дарога была нармальнай мы б уклаліся ў 5 гадзін, можа 5 гадзін 20 хвілін. А калі б паехалі ўздоўж М1, а не праз Слонім, то найхутчэй паспелі б да адкрыцця помніка. Затое пабывалі ў Гарадзенскай вобласці, яе заўсёды можна пазнаць па вялікай колькасці ўзгоркаў.

 

     Прадаўнік мясцовай крамы велікадушна парэзала для нас кілбасу, дзякуючы гэтаму ў нас атрымаліся эпічныя бутэрброды. 

Вельмі шмат чаго хацелася яшчэ распавясці, але няма часу, заўтра ў войска, трэба класціся спаць, вось пагледзіце некалькі фотаздымкаў.

Leave a Comment

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *