1 месяц

     Сёння 2 ліпеня, заўтра дзень Незалежнасці, выхадны дзень, і мы наводзім ПХД. Робім пену, раскідваем па падлозе, тром палацёрамі і збіраем анучамі. Прашароўваем тумбачкі, вокны і ложкі ад пылу, наводзім парадак. Такое прыбіранне тут штосуботу. Толькі што прыбраў пакой «Адпачынку і інфармавання», каб новай працы не падкінулі, пахадзіў туды-сюды з анучай, тут і зʼявілася ідэя запісаць свае ўражанні ад арміі.

     Увесь першы дзень, 28 траўня, мы сядзелі ў ваенкамаце, бо цягнік на Слуцк адпраўляўся гадзін у 7, а сабралі нас а 9 раніцы, кажуць, гэта робіцца, каб заклічнікі не напіліся ці не вырашылі збегчы ў апошні момант. Насамрэч дзень прайшоў нядрэнна: гулялі ў валейбол, знаёміліся, елі хатнюю ежу.
     Пасля 2 стомных гадзін у душным цягніку ступілі на слуцкую зямлю, тут і пачалося войска. Сяржанты сшыхтавалі нас у калону па 3 і кудысьці павялі. Дрэнна памятаю, пра што думаў у той момант. Вітаю, армія, што мяне тут чакае?
     Вось і знаёмая брама вайсковай часткі, некалі мы прыязджалі сюды ў якасці наведнікаў, цяпер прыязджаць будуць да нас. Рамонт у казарме мяне прыемна здзівіў, чакаў чагосьці больш савецкага. Пазней даведаўся, што гэта паказальная казарма, куды можна прывесці бацькоў, сапраўдныя казармы я ўбачу праз некалькі дзён.
     Першая ноч, першы пад’ём, схадзілі падʼелі, атрымалі форму і тут прыйшло разуменне, што тут я буду цэлы год, стала сумна. Маё жыццё
кардынальна змянілася і прытым не ў лепшы бок і канца гэтаму не відаць. Ты не можаш выйсці на вуліцу без суправаджэння, твая меркаванне нікога не цікавіць і амаль усе аспекты твайго жыцця ў руках незнаёмых людзей, нават каб задаць пытанне трэба, спытаць на гэта дазвол. Адзінае, да чаго яны не могуць далезці, гэта твая галава, і застаецца толькі думаць. Натуральна нічога добрага пры такім раскладзе ў галаву не прыходзіць, тым больш гледзячы кожны вечар перад сном на ложак суседа зверху.

     Пра КМВ (курс маладога ваяра) буду заканчваць, скажу толькі, што за месяц да такога жыцця прыстасоўваешся, нязменныя крыкі, праверкі і шыхтаванні ператвараюцца на руціну, а спробы схаваць цукеркі ад сяржантаў у займальны квэст.

6 месяцаў

     Праз месяц, 25 лістапада, роўна сярэдзіна маёй службы ў войску. Пішу гэтыя радкі ў медычным пункце з тэмпературай 38, паглынаючы таблеткі ў вялікіх абʼёмах. Пакуль усе глядзяць 100500 выпуск бітвы экстрасэнсаў, вырашыў напісаць 2 частку сваіх вайсковых нататак. Першую нават перачытваць не буду, баюся, там напісана нейкая бязглуздзіца, але перапісваць не буду, так не сумленна. Прайшло амаль 180 дзён, а здаецца, што зусім нядаўна стаяў на пероне Слуцкага вакзала, сядзеў на складзе ў чаканні сваёй чаргі на атрыманне формы. Здаецца зусім нядаўна нас размеркавалі па батальёнах. Ствараецца ўражанне, што час прайшоў вельмі хутка, што дзіўна, бо дні тут неверагодна доўгія, ці то праз ранні падʼём, ці то праз працу нудную, а часам, здаецца, абсалютна бескарысную. Асабліва павольна час ідзе ў нарадзе, паспрабуйце неяк стаць насупраць гадзінніка і прастаяць гледзячы на яго пару гадзін, а суткавы нарад доўжыцца 24 гадзіны мінус 12 гадзін, якія стаіць твой напарнік.

    Многія віншуюць з атрыманнем кіроўчай катэгорыі «С» за кошт дзяржавы, такое захапленне мне не зразумела, таму што гэта не маё і, думаю, што ніколі ў жыцці гэта не спатрэбіцца. Затое ў вайсковым білеце зʼявілася пасада «кіроўца», нас тут завуць «тэхнарамі», і працуем мы ў парку з тэхнікай. Тэхнікай, якая ўвесь час ломіцца, колькі яе ні рамантуй. Адна бяда — у тэхніцы і машынах я нічога не разумею, таму заву сябе «бескарысным тэхнаром», і першыя паўгады асноўнай працай было збіраць акуркі там, дзе паліць нельга, падмятаць пыльныя ангары, шчапаць траву паміж плітамі і што-небудзь куды-небудзь насіць. Магчымасць закруціць пару гаек — яркая пляма ў шэрых буднях, бо гэта мае сэнс: рамантуешь тое, што зламана. З гэтым у арміі ў мяне самыя вялікія праблемы — не бачу сэнсу ў многіх рэчах і парадках. Гэта нагадвае арганізацыю, мэта якой заняць салдатаў хаця б чым-небудзь на год-паўтара. Гэта не датычыцца тых, хто ездзіць у камандзіроўкі, іх праца мае выразную мэту і фінальны вынік, яны нешта будуюць. Мы ж астатнія, на месцы, бясконца робім граблямі «контосы» уздоўж бардзюраў, на будынках, носім рэчы з аднаго месца ў іншае і назад. Сёння ты фарбуеш шафу, заўтра разбіраеш яе і выкідваеш. Летам усіх устройвала брама ў боксах, ў лістападзе пад дажджом вырашылі яе змяняць. (Пасля гэтага я і злёг з ангінай) Магчыма, ва ўсім гэтым і ёсць нейкі сэнс, проста я шараговы і не разумею задуму камандзіраў.

     Само сабой напрошваецца пытанне: ці ўсё так дрэнна і ці ёсць плюсы? Зразумела, ёсць, і нельга пра іх не напісаць. У першую чаргу, гэта разуменне, якім яскравым і насычаным было маё жыццё да арміі, як шмат было магчымасцяў, якія я ўспрымаў як нешта звычайнае. Тое, што здавалася непрыемнымі абавязкамі, якія займаюць час, зараз здаецца не такой ужо і праблемай. Тут я марную столькі часу на ўсялякія фармальнасці, што проста жудасна, у выніку чаго зʼяўляецца шмат планаў і запал нешта рабіць, калі прыеду дахаты. Не ведаю, на колькі хопіць гэтага запала, але ёсць жаданне горы пераварочваць. Цікава, што ў арміі такога жадання няма, адзіная матывацыя да працы -гэта жаданне паскорыць ход часу. Калі ты тут сумленна і рупліва працуеш, цябе ніхто не пахваліць, а калі заўважаць, што ўсю працу выконваеш, не косіш ад нарадаў — будзеш працаваць і таптаць нарады за тых, хто мае нахабства і адвагу халтурыць і нічога не рабіць. Зрабіўшы хутка працу, не пойдзеш адпачываць, а пойдзеш працаваць за таго, хто сваю працу вырашыў не выконваць. Думаю, гэта вынік адсутнасці якой-небудзь матывацыі. Тое, што можна зрабіць за дзень, лепш расцягнуць на 3.

     Вернемся да плюсоў. Наступны плюс — гэта магчымасць назіраць за людзьмі ў нязвыклым становішчы. Іх можна падзяліць на 2 вялікія групы, тыя, хто тут, і тыя, хто звонку.За тымі, хто тут, вельмі цікава назіраць, будзь я псіхолагам, матэрыялу хапіла б на доктарскую. Вельмі цікава назіраць, як розныя людзі будуюць адносіны ў калектыве, як вылазяць рысы характару, пра якія адразу не здагадваўся. Кожны па-свойму адаптуецца і займае сваё месца ў калектыве, і яно, ў сваю чаргу, накладае свой адбітак. Усё гэта, зразумела, датычыцца і мяне. Нягледзячы на тое, што тут у мяне зʼявіліся сябры, пачуццё адзіноты не знікае, яно сядзіць ў засадзе, яго не відаць, але ў будзь які момант накатвае нуда. З людзьмі дома звязваюць мноства нябачных нітак, іх не заўважаеш, пакуль не апыняешся тут. Тут яны нацягваюцца, некаторыя ірвуцца, іншыя робяцца толькі мацней. Дзякуй вялікі тым, хто пісаў, тэлефанаваў, прыязджаў ці ўспамінаў нас у малітве, гэта вельмі важна.

     Асобна трэба сказаць пра бацькоў. Якія б добрыя ні былі ў вас сябры, у іх сваё жыццё, і толькі бацькі жывуць вашае жыццё разам з вамі, разумееш, што бліжэй і радней нікога няма. Гэта самы вялікі плюс арміі.

12 месяц

     Прыкладна праз 40 гадзін, прайду праз браму кантрольна прапускнога пункта і 12 месяцаў арміі застануцца ў мінулым. Працоўная і баявая форма ўжо некалькі дзён як здадзеныя, амаль усе подпісы на абыходным аркушы стаяць. Колькасць астатніх дзён (2), прыёмаў ежы (5), зарадак (1) і іншага можна злічыць на пальцах адной рукі. У арміі лічыш усё: колькасць нарадаў (17), гарадскіх звальненняў (18), калі пачынаюцца двухзнакавыя лікі, лічыш кожны дзень. Чым бліжэй да канца, тым павольней ідзе час.

     Калі глядзіш назад, здаецца, што год праляцеў у адно імгненне, выдатна памятаю КМВ і першы месяц, першую раніцу, памятаю, як першы раз апрануўся ў форму. Але калі ўспамінаць свае штодзённыя ўражанні, то час цягнуўся жах як павольна.За год звыкаешся не думаць, не прыймаць рашэнняў, бо тут усё па раскладзе, раніцай паведамляюць, чым будзеш сёння займацца. Дзіка шчаслівы, што служу год, а не паўтара.

     Цяпер самы час рабіць высновы і падводзіць вынікі. З аднаго боку, па адчуваннях хочацца сказаць, што армія «зло» і бескарысна страчаны час. Я бачыў тут, як хутка ўлада псуе нават добрых людзей, а атмасфера не спрыяе зменам у лепшы бок. Гэта не тая армія, якую можна ўбачыць па тэлевізары, у праграме «арсенал» ці ў фільмах, патрыятызму ў мяне значна паменшылася. З іншага боку, былі і некаторыя плюсы, пра іх я пісаў вышэй, у выніку атрымліваецца, што некаторая колькасць плюсоў для мяне не пераважыла мінусы. Год — гэта занадта доўга, не кажучы ўжо пра паўтара. Можа, калі б служба доўжылася паўгады, гэта мела б сэнс. Думаў, што 3 частка будзе самай абʼёмнай і інфарматыўнай, а выйшла наадварот… Ну і што, не хачу больш пісаць, пайду збірацца дахаты.

Leave a Comment

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *